RU      PL

1927-1932 гады – у Дамачава пробашчам ксёндз

Пётр Татарыновіч (1896-1978)

 

(вядомы беларускі рэлігійны і літаратурны дзеяч)

 

 

 

Жыццё і дзейнасць кс. Пятра Татарыновіча

Пётр Татарыновіч нарадзіўся ў 1896 г. на Случчыне. Па сканчэнні рыма-каталіцкай семінарыі быў працаваў на парафіях у Пінску, Наваградку, Баранавічах, Дамачаве (з 1927 па 1932 г), Століне і інш. Ужо ў гэты час пачынаецца ягоная літаратурная праца. З-пад ягонага пяра выходзяць артыкулы да часопісаў і некалькі невялічкіх кніг на рэлігійную тэму.

Падчас вайны а.Пётр перабываў у Варшаве, адкуль трапіў у Рым, дзе пасля некалькіх год вучобы атрымаў тытул доктара багаслоўя за працу пра св. Кірылу Тураўскага.

У Рыме а. Пётр стае заснавальнікам і кіраўніком двух ініцыятыў: беларускага часопіса "Зніч" і беларускай секцыі радыё Ватыкан. Ад гэтага часу кожны беларус-каталік ведаў яго імя і ягоны голас. На працягу амаль 25-і год працы ў Рыме а. Пётр выпусціў 120 нумароў свайго часопіса і падрыхтаваў незлічоную колькасць матэрыялаў для радыё. Але і на гэтым ён не спыніўся. Бачачы катастрафічны недахоп беларускамоўнай літаратуры ён распачынае пераклады на беларускую мову Бібліі і некаторых кнігаў. У ягоным перакладзе выйшаў ня толькі амаль поўны Новы Запавет, але і нядаўна перадрукаваная на Беларусі сусветна вядомая кніга Генрыха Сенкевіча "Куды ідзеш?" ("Quo Vadis?").

За адданую працу на карысць беларусаў-каталікоў у 1961 г. яму была нададзена годнасць Пралата Яго Святасьці, таксама як і даручана апека над беларусамі каталікамі лацінскага абраду расцярушанымі ва ўсім свеце.

Памёр а. П. Татарыновіч у нядзелю 3 верасня 1978 г. Пахаваны на рымскіх могілках Cimitero Montebello.

 

 

Кс. Пётр Татарыновіч стаў пробашчам (настаяцелем) у Дамачава ў 1927 г. Праца ў Дамачаве ня была лёгкай. За поўгады да прыезда кс. Пятра парафіяне выгналі свайго настаяцеля. Прычыны пакуль невядомыя. За 5 год сытуацыя кардынальна змянілася. У першыя ж гады ў самім касцеле кс. Пётр збудаваў тры новыя алтары і дом святара (плябанію) ля касцёлу. Пётр Татарыновіч, 1926г.Хутчэй за ўсё домам святара быў будынак па правую руку ад увахода на касцельны двор, які сёння належыць дому-інтэрнату. Адразу ж быў збудаваны і Каталіцкі народны дом (нешта, накшталт, клуба), які згарэў праз 2 гады. На яго месцы быў пастаўлены новы будынак (магчыма, што менавіта гэты будынак стаў асновай сённяшняга Дома Культуры, перажыўшы некалькі дабудаванняў; аб гэтым таксама сведчаць і некаторыя элементы архітэктуры Дома Культуры, тыповыя для сакральнага каталіцкага стылю).

У гэтым Народным доме жыхары мелі магчымасьць вітаць Прэзідэнта тагачаснай дзяржавы і мясцовага касцёльнага іерарха біскупа Зыгмунта Лазінскага, які падчас наведванняў асвяціў і новыя алтары, і народны дом. Рыма-каталіцкая супольнасць, у сваю чаргу, дзякуючы а.Пятру была настолькі добра зарганізавана, што яшчэ і дапамагала матэрыяльна іншым каталіцкім акцыям на Беларусі.

Падчас працы ў Дамачава кс. Пётр займаўся публіцыстычнай і літаратурнай дзейнасцю, а таксама скіраваў аднаго з мясцовых юнакоў па прозвішчу Гмэнюк да Езуітаў у Холме. Далейшых звестак аб ім пакуль няма. Прозвішча ў спогадах напісана праз 20 год і рукою, таму дакладнасць яго невядомая. Магчыма Гумэнюк, ці падобна.

Вядомым фактам з'яўляецца таксама і беларускасць кс. Пятра, які вельмі часта гаварыў казанні ў храме менавіта па-мясцоваму, а не па-польску. Ці адбывалася гэта і ў нас – гісторыя пакуль не дае адказу.

Яшчэ адным вельмі значным элементам таго часу з'яўляецца ўнікальны прынагодны крыж-помнік, прысвячаны паўстанню 1863 года і ўсталяваны на касцёльным падворку, дзе ён знаходзіцца і да сёння. Унікальнасць яго ў тым, што гэта бадай, адзіны падобны помнік на ўсю Берасцейшчыну.

Такім чынам, Дамачава можа ганарыцца тым, што тут працаваў на карысць мястэчка і ўпрыгожваў яго такі чалавек, як беларускі рэлігійны дзеяч і перакладчык, паэта і выдаўца часопісаў, кіраўнік беларускага радыё ў Рыме і шчыры патрыёт пралат Пётр Татарыновіч

 

›› Спогады кс. Пятра пра перабыванне ў Дамачава (архіўныя матэрыялы)

"мова аўтарская, транскрыбіраваная з лацінскіх літараў"

 

›› Больш поўная біяграфія кс. Пятра аўтарства біскупа чэслава Сіповіча

 

 

Любыя новыя звесткі пра кс. Пятра просім дасылаць на дамачаўскі сайт аўтару гэтага артыкулу, ці на ягоны ўласны е-mail.

ales_av@mail.ru    

(с)  Аляксандр Аўдзеюк.  

 

 

Пры капіяваньні абавязкова спасылка на аўтара і гэты сайт. Карыстаць у іншых мэтах дазваляецца толькі і выключна за згодаю аўтара.

 

 

 

На галоўную

 

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru Каталог TUT.BY Rating All.BY

Пры выкарыстанні матэрыялаў з сайту спасылка на сайт абавязкова

Распрацоўка і дызайн сайту:  © Пракапюк І. (2006-2010)

 

www.domachevo.com