Дамачава

RU    PL    EN

 

Кароткі нарыс гісторыі надбужнага мястэчка

 

Гісторыя гэтага мястэчка не такая старая, як гадоў на 300 старэйшая гісторыя суседняй вёскі “з-за Буга” Славатычы, ці гадоў на 400 старэйшая гісторыя мястэчка Кодэнь, што ў кірунку старажытнага Берасьця. Тым ня менш і ў нас ёсць, што сказаць пра родныя мясьціны, пра нашую гісторыю.

Як і іншыя аўтары, што апісвалі гісторыю сваіх родных вёсак ці гарадоў, мы можам пачаць словамі, што на тэрыторыі, дзе зараз знаходзіцца Дамачава, людзі сяліліся з прадаўніх часоў. Аб гэтым могуць сьведчыць крамнёвыя прылады працы, знойдзеныя аўтарам гэтага артыкулу ля мястэчка. Археалагічныя раскопы на гэтых тэрыторыях пакуль не праводзіліся (усім аматарам нагадваем, што праводзіць  свае ўласныя раскопы без адпаведнага дазволу забаронена дзяржавай і караецца законам), таму сказаць дакладна – ад якога часу сяліліся тут людзі – пакуль што не можам. Але мы ведаем, што на ўзбярэжжы Заходняга Буга былі ўсе ўмовы для добрага жыцьця ў тыя часы – блізкая вада, рыба, жывёлы ў лесе.  Магчыма археолагі яшчэ скажуць сваё слова ў нашай гісторыі.

Калі ад старажытных часоў мы зірнем трошкі бліжэй да нас, на час да канца першага тысячагоддзя, то можам услед за шматлікімі навукоўцамі сказаць, што нашая мясцовасць належала да тэрыторыі расьсяленьня плямёнаў валынянаў і бужанаў (пра якіх дарэчы ўзгадваецца ў “Аповесьці мінулых часоў”). Наш раён ужо не Палессе, хаця некаторыя этнографы і гісторыкі спрабавалі абагульняць і расцягваць гэтую назву ажно да Буга і далей за яго.

Далей, у час першых князёўстваў (ІХ-ХІІІ стт.) гэтая тэрыторыя (т.зв. Берасцейская зямля) належала розным князёўствам. І менавіта нашыя рэгіёны не заўсёды належалі таму самому княству, што і Брэст.  Спачатку (прыблізна да ХІ ст.) у складзе Уладзімірскай зямлі, потым - як частка Берасцейскай зямлі ў васальным падпарадкаваньні Кіеўскага княства. Але гэта быў час яшчэ да ўзьнікненьня канкрэтных мястэчак ці вёсак. Пра нейкія канкрэтныя пасяленьні таго часу гісторыя нічога не ўзгадвае.

У ХІІІ-ХVІ стт. нашая зямля (разам з Падляшскай зямлёй з па-за Буга) ўжо належала да тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў час актыўнага зьяўленьня малых гарадоў, мястэчак, вёсак. Асабліва важна гэта было ўздоўж Буга, ля якога праходзіў важны шлях, што яднаў Берасце са старажытным Холмам, цэнтрам Холмскай зямлі. Так зьяўляюцца Кодэнь (напачатку Тудэнь), што на поўнач Дамачава, Славатыче – адвечны старэйшы сусед нашага мястэчка, і Ганна (Hanna) з Уладавай, на поўдзень ад яго. Нашая тэрыторыя ляжыць прыблізна пасярэдзіне гэтага шляху. Карты ХVIVII стт.(як напрыклад  карта ВКЛ 1613г.) ўжо ўзгадваюць даволі шмат пасяленьняў – Прылукі, Страдча (Страдзічы), Збунін, Чэрнск (хаця і трохі ўбок ад гэтага шляху). Да гэтага часу належыць і зьяўленьне нямецкіх пасяленьняў, лютэранаў аўгсбурскага вызнаньня, па абодва бакі Буга, якія, як нам падаецца, і адыгралі галоўную ролю ў пазьнейшым паўстаньні Дамачава, як асобнага пасяленьня.  Але менавіта пра нашае мястэчка ў тыя часы пакуль што анічога не чуваць.

Дамачава зьяўляецца толькі на картах XVIII стагоддзя, і паступова пачынае набываць вагі. Асабліва гэта праявілася пасьля будаўніцтва чыгункі, якая падобна да старога “забужанскага” шляху, яднала Берасце з Холмам. Гэта быў фактычна найвялікшы гістарычны ўздым Дамачава, які невядома ці яшчэ паўторыцца. Напрыканцы ХІХ ст. Дамачава было ўжо цэнтрам воласьці.

Да 1939 года, у складзе Польшчы, Дамачава было даволі немалым культурным і шматканфесійным мястэчкам, можна нават сказаць – курортам, бо ў ягоныя санаторыі (а лек быў  - чыстая прырода ды сасновыя лясы) зьязджаліся шматлікія палякі з розных канцоў іх колішняй дзяржавы. Пра Дамачава ў той час пісалася нават у варшаўскай прэсе. Да гэтага моманту працягвалася таксама і ўнікальная сітуацыя, калі ў адным мястэчку жылі ў супакоі ды лагодзе людзі розных канфесіяў і нацяў, прычым даволі лічных, як напрыклад немцы-лютэране (т.зв. “галендры”) якія мелі там свой Збор, габрэі з сынагогай у самым цэнтры мястэчка, рыма-каталікі са сваім касьцёлам, вельмі лічнае праваслаўнае насельніцтва з царквою, што таксама ў цэнтры (трэба адзначыць, што і Дамачава закранулі пытаньні пераходу мясцовага насельніцтва з праваслаўных ва ўніаты і наадварот), таксама былі і пратэстанты-баптысты, якія мелі свой малельны дом. Гэтыя адрозьненьні не заміналі людзям жыць і працаваць разам, каб Дамачава квітнела і ставала больш прыгожым і паважным. Калі зірнуць глыбей на падзеі, то гісторыя Дамачава да гэтага часу гэта гісторыя канфесіяў і іх узаемадзеяньня, і менавіта так будзем разглядаць гэты перыяд, калі будзем пісаць пра ўсё падрабязна.

Гэткая сітуацыя працягвалася да 1939 году, да пераносу дзяржаўнай граніцы БССР. У гэты час шмат габрэяў і палякаў зьехала ўглыб Польшы, не жадаючы ўваходзіць да сацыялістычнай рэспублікі, а большая частка немцаў зьехала ад нас яшчэ падчас ранейшага “перасяленьня” ў Сібір, дзе жывуць і дагэтуль. Колькасьць жыхароў у тыя часы зьменшылася значна.

Пачынаючы ад 1940 году, ўжо ў складзе БССР, Дамачава стала адміністратыўным цэнтрам Дамачаўскага раёну. Былы лютэранскі Збор быў пераарганізаваны ў службовыя памяшканьні памежных войскаў. Гэта і спрычынілася таму, што ў першы дзень вайны на нашых землях, 22 чэрвеня 1941 года, калі і было занята Дамачава, лютэранскі збор у выніку баявых дзеяньняў 24 танкавага корпусу быў зьнішчаны. На часы вайны прыпадае і зьнішчэньне габрэйскай грамады Дамачава разам з сінагогай. У самім Дамачаве было арганізавана габрэйскае гетта, у якім было зьнішчана некалькі тысячаў чалавек. Дзяцей дамачаўскага дзіцячага дому, у колькасьці 54 чалавек, расстралялі непадалёк. Усяго было зьнішчана па гораду і раёну 3800 чалавек (як сведчыць надпіс, зроблены адразу пасьля вызваленьня Дамачава на адным з былых будынкаў нямецкай турмы, які захаваўся дагэтуль). Аб гэтым нагадваюць і памятныя мемарыялы, ўсталяваныя на месцах гэтых падзеяў.

Дамачава было вызвалена 23 чэрвеня 1944 года. І пасьля гэтых падзеяў яно ўжо не змагло ізноў устаць на ногі. У 1960-х Дамачаўскі раён быў ліквідаваны і ўвайшоў у склад Брэсцкага раёну, а сам цэнтр пачаў жыць ціхім жыцьцём маленькага памежнага мястэчка (гарадскога пасёлку), як і ўсе іншыя мястэчкі Савецкага Саюза, што і працягвалася ажно да падзеяў найноўшай гісторыі.

Ліквідацыя СССР, незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, новыя, яшчэ ня зьведаныя свабоды – свабода слова, свабода перамяшчэньня, свабода прэсы, свабода бізнэсу – усё гэта належала да часоў 90-х гадоў. Збядненьне людзей, страта грошаў з Ашчаднага Банку, пустыя паліцы ў крамах, талоны, купоны, вялізарныя чэргі, безпрацоў’е, продаж уласных рэчаў на рынку – усё гэта таксама належала да гэтых часоў. І людзі альбо пачыналі ўпадаць у дэпрэсію ды шукаць збаўленьня ў алкаголі, альбо пачалі шукаць метады зарабіць грошы, нават калі гэта не надта законьна. Адкрыццё мытні паспрыяла гэтаму – таньны алкаголь і хуткія заробкі “на мяжы” прыцягнулі шмат людзей, але не паспрыялі развіццю культуры ў Дамачава. Вось гэткі час і выхаваў новае пакаленьне, пакаленьне людзей, ад якіх у вялікай меры залежыць будучыня нашага мястэчка. Тым ня менш гэта выглядае ня так сумна, як здаецца. Дамачава паціху трымаецца ды залечвае раны. Вярнулася да нармальнай дзейнасьці праваслаўная Царква (якая хаця і працавала ў савецкія гады, але знаходзілася ў вельмі жорсткіх умовах), адноўлены стары касьцёл, у якім у савецкія гады знаходзіўся кінатэатр, працягваюць працаваць школа, бібліятэка, бальніца, пошта.

А што з гэтага будзе далей  - залежыць ад нас. Ці застанецца Дамачава на картах Беларусі праз 50-100 год? Ці будзе “глухой” вёсачкай з адной вуліцай на 20 хацінаў? Ці ўвойдзе ў склад “пакінутых пасяленьняў”? Ці можа наадварот, адновіцца ды расцвіце, як няхай і невялікі, але культурны цэнтр? Гэта ўсё залежыць ад нас і толькі ад нас, бо нам тут жыць, бо гэта нашая зямля, нашая малая Бацькаўшчына.

 

(с)  Аляксандр Аўдзеюк.  

 

 

Пры капіяваньні абавязкова спасылка на аўтара і гэты сайт. Карыстаць у іншых мэтах дазваляецца толькі і выключна за згодаю аўтара.

 

 

 

Назад

На галоўную

 

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru Каталог TUT.BY Rating All.BY

Пры выкарыстанні матэрыялаў з сайту спасылка на сайт абавязкова

Распрацоўка і дызайн сайту:  © Пракапюк І. (2006-2010)

www.domachevo.com