RU    PL    EN

 

Паходжаньне і старажытная гісторыя

 

 

 

 

“Дамачава” (Domaczewo, Domatschevo, Domachevo) – у кожнага, хто цікавіцца гісторыяй гэтага заходнепалескага (ці надбужанскага) мястэчка, паўстае цалкам лагічнае пытанне адносна назвы мястэчка: што яна азначае, адкуль паходзіць, як зьмянялася ў гісторыі і чаму. Гэта яшчэ тым больш важна, што з пытаньнем назвы зьвязана і пытаньне паходжаньня самога мястэчка.

Асноўных тэорыяў, пра якія распавядаюць амаль усе дасьледнікі, толькі тры [1].

1.     Назва паходзіць ад прозьвішча (Домаш, Домашэвіч), ці, што больш верагодна, ад імя (Домаш, Томаш).

2.     Другая магчымасць – ад мясцовай назвы сукенкі ці спадніцы “домотківка”.

3.     Ад мясцовай вымовы нямецкага Dolmetscher (дольмечер - тлумач - домачев), што азначае ўсяго толькі перакладчык [2].

Калі камусьці хочацца адно кароткай інфармацыі без аніякіх тлумачэнняў, то можа на гэтым скончыць чытаньне і ісьці спаць, ці, што лепш, пераскачыць сярэдзіну ды пазнаёміцца адно з апошнімі аўтарскімі версіямі.

А калі ж шаноўнаму чытачу цікава паразважаць ды даведацца яшчэ нешта як пра назву, так і пра пытаньне: адкуль жа магло зьявіцца само мястэчка, то запрашаю застацца з намі ды спадарожнічаць у ва ўсіх нашых разважаньнях.

 

Версія 1 – Верагодная. Паходжаньне ад: “Домаш”, “Дамашэвіч”.

Кім жа мог быць гэты Домаш ці Дамашэвіч? Першазасноўнікам? Уладальнікам? Сябрам ці блізкім уладальніка? Сама па сабе версія даволі праўдападобная, бо назвы мясьцінаў вельмі часта даюцца па імёнах ці прозьвішчу тых, каму належала. Дастаткова ўзгадаць вёскі Нікольская ды Ланская ў суседнім маларыцкім раёне, якія ўладальнік назваў у гонар жонкінага бацькі генерала Мікалая Ланскога. Ці таксама сама суседняя Тамашоўка, альбо шэраг польскіх вёсак з назвай Томашувка (Tomaszówka), што названая ў гонар мясцовых польскіх дзеячоў, якія мелі імя Тамаш. Сярод мінусаў гэтай версіі звычайна называюць адсутнасць такіх прозьвішчаў у гэтай мясцовасьці, але і ў Ланской сёньня Ланскіх не сустрэнеш, тым больш, што ўладальнікі найчасьцей былі чужынцамі (палякамі ці расіянамі). Таксама па прозьвішчах назвы пачалі давацца ня так даўно, бо паводле старой традыцыі прыярытэт быў за імем. Магчымая праблема можа быць яшчэ і ў тым, што ў гісторыі не зафіксавана такога ўладальніка Дамачава, ці ўвогуле чалавека, зьвязанага з уладальнікам. Калі б мястэчка называлася Вітгэнштэйнаўка ці Радзівілаўка – гэтая версія была б 100% вернай, але для прозьвішча “Дамашэвіч” наўрад ці можна знайсьці канкрэтны гістарычны доказ, без якога ўсе нашыя разважаньні – адно прыгожыя гістарычныя гіпотэзы.

Другое, што адразу падае ў вочы, гэта даволі пашыраныя на славянскіх, ды й ня толькі, землях назвы кшталту “Тамашоўка”, “Томашувка”, “Томашево”, “Томашев”, “Домашево”, якія часта былі ўзаемазамяняемыя (нават да суседняй Тамашоўкі амаль усе варыянты таксама ўжываліся). Тут трохі прасьцей, бо гістарычна можна прасачыць, што назвы паходзяць менавіта ад імя Томаш (Томас, Домаш, Фама)

Невялічкі сьпіс падобных назваў[3]:

-          Боснія-Герцагавіна - Domaševo – на поўдзень ад Сараева;

-          Германія - Thomashof (у перакладзе з нямецкай - “двор Томаша”); у Германіі гэткіх назваў некалькі: толькі ля Берліну гэтыя назвы сустракаюцца мінімум двойчы, што пацьвярджае ідэю адносна “славянскага” паходжаньня, бо тэрыторыя ля Берліну – месца рассяленьня плямёнаў лужыцкіх сербаў);

-          Украіна - Domashev (Domashuv, Domashov, Domashiv), 300 міляў на ўсход ад Кіева;

-          Славакія - Tomášová (Тomásfalva) - Slovakia – 130 міляў на захад ад Браціславы; Tomášov (Fél) -  10 міляў на захад ад Браціславы;

-          Расія - Tumashevo – сустракаецца некалькі разоў паўночней Масквы, таксама як і напрыклад (Tomyshovo, Staroye Tomyshëvo, Tomazov, Tomizawa Lyutovskaya, Domashëvo, Domasheva, Domashova, Domachëvo

-          Польшча – Tomaszów (болей 10 гарадоў і мястэчкаў маюць гэтую назву); Tomaszewo (больш 5 выпадкаў); Tomaszew (мінімум 3 разы, з іх 1 – калонія пасяленцаў); Domaszew, Domachowo, Domachau;

-          Монтэнэгра - Tomaševo;

-          Чэхія - Tomášov (раней – Thomasdorf); Domašov (раней – Domaschow, Thomasdorf) – 2 разы;

-          БеларусьDomashëvo (паўночны ўсход ад Менску) і Тамашоўка, непадалёк нашага Дамачава і мяжы з Польшчай.

-          Казахстан Tumashov (яўна былое пасяленьне немцаў-каланістаў).

Гэты сьпіс зроблены наўскідку, без асаблівых падрыхтоўчых працаў і поўнае выбаркі. Ён паказвае цікавую сыстэму: гэтыя назвы зьяўляюцца тыповымі для заходне-славянскага рэгіёну (і распаўсюджваўся таксама ці то ў памежных рэгіёнах (як Украіна, Германія), ці ў месцах, нямецкіх і славянскіх пасяленьняў ці калоніяў (як напрыклад у Сібіры, ці ў Казахстане). Для Польшчы, Германіі ці Славакіі больш пашыранае імя Томаш (Томас), для Чэхіі і суседзяў – Домаш.

Што ж можам сказаць адносна нашага Дамачава? Яно ад самога пачатку пісалася з “Д”, а не з “Т” на пачатку, і такім чынам адрозьніваецца ад суседніх Тамашовак ці Томашувак. Варыянты напісаньня на картах “Домачево”, “Домачёво”, “Домачева”, “Дамачава” хутчэй за ўсё зьяўляліся пад уплывам нацыянальнасьці і ўласнай мовы ўкладальнікаў геаграфічных картаў ці падарожнікаў, якія ўзгадвалі гэтае мястэчка, таму аніякай вагі для зразумення паходжання ня маюць. Важліва толькі адно – першая “Д” якая ад самага пачатку і безперапынна існавала ў назве.

Калі назва нашага мястэчка сапраўды паходзіць ад імя Домаш ці Томаш, то мусім вызнаць, што яна зьявілася пад уплывам чэскім ці нямецкім. Для гэтага ўплыву існуе ня толькі адно (найбольш відавочнае) тлумачэньне, але, на наш погляд, два:

-          Суседнія калоніі Нэйдорф і Нэйброва цалкам маглі паспрыяць узьнікненню гэткага варыянту напісання. Гэта відавочнае тлумачэнне, але паважнай крытыкі, як будзе бачна потым, яно не вытрымлівае.

-          Назву маглі прынесьці габрэі, якія таксама жылі ў Дамачава амаль ад самых пачаткаў. І зьявіліся яны тут, напэўна, ўжо ў XVI ст., перасяляючыся на ўсходнія тэрыторыі з земляў Германіі, Чэхіі і іншых. Яны шукалі сабе месца, спыняліся, арганізоўвалі пасяленьні ці зьмешваліся з мясцовым насельніцтвам, прыносячы свае моўныя ўплывы ці імёны. Цалкам магчыма, што Дамачава вынікла ля рынку ці карчмы, якой мог уладарыць нейкі Домаш. Гэтая версія стаіць бліжэй да Версіі 3, там яна будзе выглядаць больш лагічнай. Трэба заўважыць, што ў кожным без выключэння горадзе ці пасяленьні, якія мы прывялі вышэй (у шматлікіх краінах), былі габрэйскія пасяленьні (дзякуючы гэтым пасяленням і быў знойдзены спіс гэтых гарадоў).

Як мы ўжо казалі – гэтая версія вельмі верагодная, нават калі мы ня ведаем, у гонар якога Домаша ці Томаша названае мястэчка, ці пад чыім уплывам. Са свайго боку магу запрапанаваць на базе гэтай гіпотэзы сваю ўласную версію, але ўважлівы ды цярплівы чытач зможа знайсьці іх напрыканцы гэтага артыкулу.

 

Версія 2 – Сумніўная. Паходжаньне ад назвы “Даматківка”

Узьнікненьню гэтай версіі дапамагла хутчэй за ўсё назва Даматканавічы (вёска ў Мінскай вобласці) і, адначасова, пашыранае палескае слова “домотківка”, што азначала ўдома вытканы матэрыял (асабліва: тканыя прыгожыя спадніцы).

Праблема ў тым, што такія назвы вёсак даволі ўнікальныя, асаблівыя, сустракаюцца вельмі рэдка ды хутчэй за ўсё паходзяць ад чагосьці асаблівага для гэтага рэгіёну. Калі ткацтва было вельмі пашырана і жыхары славіліся сваім мастацтвам далёка, то адсюль і назва зьявіцца магла. І хаця слова “даматківка” тыповае для палеска-валынскага рэгіёну, але мы сёньня ня ведаем нічога асаблівага пра дамачаўскіх майстроў з ткацтва.

Гэтаксама можна было б шукаць паралелі ў іншых унікальных назвах мястэчак на Беларусі, як, напрыклад: Даманава, Дамашаны, Дамашэвічы, Дамашкавічы, Домнікі, Дыманава і інш., ці зьвязваць назву з падобнымі унікальнымі словамі.

Акрамя штучнай прыцягнутасьці гэтай назвы да назвы Дамачава, больш, нажаль, нічога сказаць не магчыма.
 

Версія 3 – цалкам магчымая. Паходжаньне ад cлова: Дальмэчэр-Тлумач.

Перакручана-адаптаванае нямецкае слова Dolmetscher (Дальмэчэр) хутчэй за ўсё зьяўляецца “бацькам” славянскага слова “тлумач”, ці, прынамсі, яны маюць супольныя карані.

Аўтарам гэтай версіі зьяўляецца Мацкевіч Іван Ульянавіч, які ўпершыню (па нашых дадзеных) ўзгадаў гэтую магчымасьць ў 1980-х гадах у сваіх спогадах, рукапіс каторых захоўваецца ў прыватным архіве сям’і Аўдзеюк у Дамачава. Адтуль гэтая версія трапіла і ў газету “Зара над Бугам”, куды яе даслаў у 1990-х аўтар гэтага артыкулу.

Паводле сп. Мацкевіча, калі першыя немцы-пасяленцы зьявіліся ля Буга, ім патрэбна было ўваходзіць у кантакт з мясцовымі жыхарамі суседніх палескіх вёсак, якія не разумелі нямецкай мовы. Такім чынам непадалёк ад калоніяў мог пасяліцца перакладчык, каб дапамагаць у тарговых кантактах з суседнімі вёскамі, якія ўжо існавалі (а Чэрск і некаторыя іншыя ўжо дакладна існавалі). Перакладчыка немцы звалі Дальмэчэр, мясцовыя – ці традыцыйна “Тлумач”, ці перакручана з нямецкага – Дамачев. Ля месца пасяленьня перакладчыка вельмі лагічна паўстаў рынак, потым там пачалі сяліцца і іншыя (як, напрыклад, першыя габрэі-пасяленцы), вось так і паўстала само мястэчка, якому, па звычцы, мясцовыя пакінулі назву “Дамачев”.

Версія гэтая тлумачыць гістарычныя рэаліі і паходжаньне мястэчка, ды гучыць вельмі верагодна, калі зірнуць навокал.

Па-першае, і на Украіне і ў Польшчы сустракаюцца шматлікія пасяленьні з назвай падобнага паходжаньня: Толмачев, Толмачёво, Тлумачув. Гэта азначае, што версія не зьяўляецца цалкам немагчымай і гістарычныя прэцэдэнты (выпадкі) ўжо былі.

Па-другое, у адносінах да нашага мястэчка версія выглядае вельмі падобнай на праўду. Немцы, ў сваіх калоніях і на Валыні, і ля Чорнага мора, і ў Сібіры, амаль заўсёды жылі адасоблена і закрыта. Яны ня зьмешваліся з мясцовым насельніцтвам, асабліва не намагаліся вучыць мясцовую мову, бо ўдома размаўлялі і маліліся сваёй уласнай мовай. Мясцовым – гэтаксама цяжка было б паразумецца, асабліва, калі пытаньне ішло пра грошы і “бізнэс”, дзе трэба вялікая дакладнасьць. Калі трэба было правесьці абмен – немцы йшлі да “Дальмэчэра”, а мясцовыя маглі гаварыць, што “йдуть до Домачева” (спачатку “до Дольмачера”, потым “до Дольмачева”, і ўрэшце “до Домачева”). Так магло і застацца. І дагэтуль жыхары суседніх вёсак працягваюць “хадзіць ці езьдзіць да Дамачава”.

Са свайго боку можам сказаць, што гэтая версія нашмат больш прыгожая, за першую і другую, ды й ня менш праўдападобная. Ўласна кажучы, аўтар гэтага артыкулу прытрымліваецца менавіта гэтай версіі, якая адпавядае гістарычным рэаліям і адначасова тлумачыць магчымае паходжаньне мястэчка.

 

 

Версія аўтарская (аўтара артыкулу), абагульненая.

Было гэта даўно. Ня так даўно, як за часоў Ягайлаў ды Сьвідрыгайлаў, але і не ўчора-пазаўчора. Адным словам тады, калі на нашых землях уладарыў Радзівіл, які і запрасіў да сябе на пасяленьні першых немцаў-пратэстантаў з Еўропы, што знайшлі сабе тут прытулак і новую Бацькаўшчыну. Разам з уцёкамі пратэстантаў, з Еўропы ў XVI стагоддзі ўцякала і шмат габрэяў, якім далёка не так выгодна стала жыць у Еўропе, дзе ўсё часьцей адбываліся габрэйскія пагромы. Каб пазьбегнуць гэтага яны зьнімаліся з месцаў ды з Гішпаніі, Францыі, Германіі, Чэхіі пераязжалі далей на ўсход, на Мазовію, Падляшша, Валынь, Палесьсе і яшчэ далей.

Вось так і над Бугам між іншымі зьявіліся пасяленцы-лютэране і пасяленцы-габрэі. Немцы выбралі сабе прыгожыя мясьціны і пасяліліся на самім Бугу (па абодва ягоных бакі), адасоблена ад іншых, далі сваім пасяленьням свае назвы “Найдорф” (Новая вёска, пазьней “Нэйдорф”), “Найбров”. Габрэі ж – больш здольныя да моваў і да прадпрыймальніцкай дзейнасьці, а таксама больш адкрытыя на мясцовых жыхароў, пасяліліся ў зручным месцы паміж імі ды немцамі, арганізаваўшы рынак і дапамагаючы перакладамі (дзякуючы таму, што мова габрэяў з Чэхіі ці Германіі была вельмі блізкай да мовы саміх немцаў). Ідыш, уласна кажучы, і паходзіць з нямецкай мовы. Габрэям перакладаць было лёгка, таргоўцамі яны былі “ад прыроды”, магчыма для ажыўленьня жыцьця яны ж арганізавалі ля рынку і першы шынок. А дзе ёсьць шынок і рынак – там абавязкова паўстане пасяленьне. Спачатку пераязжалі бліжэй мясцовыя (асабліва майстры: кавалі, краўцы, ткачы), потым габрэйская грамада збудавала сынагогу і колькасьць іх павялічылася, далей паціху насельніцтва зьмяшалася, прыехалі палякі, збудаваўшы касьцёл, мясцовыя жыхары збудавалі царкву і ў выніку Дамачава стала такім, якім яно было да 30 гадоў ХХ стагоддзя: поліканфесійным і полінацыянальным мястэчкам, дзе габрэі, немцы, палякі і мясцовыя маглі жыць разам.

А назва? Дык ці то быў калісьці нейкі слынны (а можа першы) шынкар з чэскіх габрэяў Домаш, да якога часта хадзілі мясцовыя (лютэранам бо піць было забаронена), ці Домашам звалі нейкага лекара, якога наведваць мусілі ўсе жыхары. У такім выпадку гаварылася “іду да Домаша”, потым, калі справу працягваў ягоны сын, казалі “іду да Дамашава (сына)”. Альбо можа не было Домаша, але быў мясцовы перакладчык-тлумач, да якога таксама мусілі часта хадзіць людзі, і ў такім выпадку яны йшлі “да дальмачера”, потым “да дальмачева”, а напрыканцы - “да дамачева”.

Ці гэта быў тлумач-дальмачар, ці шынкар[4] Домаш – мы ня ведаем, але за нашую назву яму мы ўсё адно ўдзячныя. Бо зараз мы маем аб чым разважаць, і што распавядаць сваім дзецям ды ўнукам, калі тыя будуць пытацца пра гэтае дзіўнае і роднае слова “Дамачава”...

 

Ну і ўрэшце, для самых цярплівых, узгадаем некалькі версіяў больш экзатычных.

 

Мясцовае паданьне (сям’і Мацкевічаў):

У сям’і Мацкевічаў існавала сваё паданьне, адносна ўзьнікненьня назвы. Мацкевіч Ульян Давідавіч, мясцовы каваль, распавядаў малым унукам, якія пыталіся адкуль ідзе назва, такую гісторыю:

“Аднойчы нейкі багаты пан ехаў кудысьці са сваімі слугамі і, праязжаючы праз лес, хацеў зірнуць якая гадзіна, на сваім вельмі дарагім залатым загарку (з польскага: гадзіннік), і выпадкова выраніў яго. Але ж такую каштоўнасьць нельга проста згубіць, трэба было абавязкова знайсьці. Падарожныя спыніліся і ўсе слугі кінуліся на пошукі. Доўга слугі шукалі, і доўга перажываў пан, ажно пакуль нарэшце ён не пачуў крыку “Domacaw” (Домацав, што значыць “Знайшоў”, “Намацаў”, з польскага). Вельмі ўзрадаваўся пан і з гэткае радасьці заснаваў на гэтым месцы вёску Дамацава”.

 


 

      [1] Першыя дзьве версіі сустракаюцца ва ўсіх дасьледнікаў, ад школьных урокаў гісторыі і геаграфіі, да розных згадак у артыкулах і некаторых кнігах.

      [2] Трэцяя версія зьявілася ў спогадах мясцовага дасьледніка Мацкевіча Івана Ульянавіча. У друкаваным выглядзе яна зьявілася ў газеце “Зара над Бугам” на пачатку 90-х гадоў.

 [3] Сьпіс складзены па сьпісу габрэйскіх пасяленьняў у Еўропе: з сайту JewishGen (http://www.jewishgen.org/databases/), раздзел ShtetlSeeker.

 [4] Шынкар – чалавек, які трымае шынок (карчму).


 

(с)  Аляксандр Аўдзеюк.  

 

 

Пры капіяваньні абавязкова спасылка на аўтара і гэты сайт. Карыстаць у іншых мэтах дазваляецца толькі і выключна за згодаю аўтара.

 

 

 

Назад

На галоўную

 

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru Каталог TUT.BY Rating All.BY

Пры выкарыстанні матэрыялаў з сайту спасылка на сайт абавязкова

Распрацоўка і дызайн сайту:  © Пракапюк І. (2006-2010)

 

www.domachevo.com